Узнікненне барочных тэндэнцый у архітэктуры Беларусі

Змест

Уводзіны    3
1. Перадумовы ўзнікнення барока на Беларусі    6
1.1. Прычыны ўзнікнення стылю барока ў архітэктуры    6
1.2. Першыя архітэктурныя помнікі барока на Беларусі. Я.М. Бернардоні    10
1.3. Асноўныя этапы развіцця стылю барока ў архітэктуры Беларусі    13
2. Архітэктура барока на Беларусі ў канцы XVI – сярэдзіне XVIII стст.    18
2.1. Стыль барока ў рэлігійным будаўніцтве    18
2.2. Барока ў горадабудаўніцтве і сядзібна-паркавай архітэктуры    24
Заключэнне    29
Літаратура    30

 
Уводзіны

Барока як новы стыль мастацтва з’явілася ў Італіі ў другой палове XVI ст., і да сярэдзіны XVIII ст. з’яўлялася вядучым у большасці краін Еўропы. Узнікненне барока звязана з крызісам гуманістычных тэндэнцый Рэнесансу. Таксама адной з асноўных прычын распаўсюджвання барока, было ўзнікненне ў грамадскім жыцці плыні контррэфармацыі, значны ўклад у пашырэнне якой унёс створаны ў 1540 годзе ордэн езуітаў, які шырока выкарыстоўваў барока пры будаўніцтве сваіх кляштараў. Цэнтрам распаўсюджвання барока быў Рым, але ў кожнай краіне стыль набываў свае адметныя рысы. 
З’яўленне барока ў беларускай архітэктуры звязана са значнымі сацыяльна-палітычнымі зменамі ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ другой паловы XVI ст.: Люблінская ўнія 1569 г., Берасцейская царкоўная ўнія 1596 г. Адзначаныя падзеі прывялі да ўзмацнення каталіцкага пранікнення, згортванню ўплываў праваслаўнай царквы, і, як вынік, да шырокага распаўсюджвання архітэктурнага стылю барока. Акрамя каталіцкай царквы барока на Беларусі было цесна звязана з магнацтвам, якому гэты стыль быў патрэбны для паказу сваёй моцы і непарушнасці.
Першым помнікам барока на Беларусі з’яўляецца касцёл езуітаў, пабудаваны ў Нясвіжы італьянцам Янам Марыя Бернардоні. Характэрнай рысай барочнай архітэктуры Беларусі быў сінтэз з мясцовымі традыцыйнымі архітэктурнымі формамі. Асабліва выразна сінтэз бачны ў беларускай барочнай архітэктуры XVII – XVIII стст. Пачаўшы ад нясвіжскай фары, барока ахапіла не толькі ўсё мясцовае каталіцкае дойлідства (касцёлы ў Міры, Друі, Гродне, Мінску, Княжыцах), дасягнуў вяршыні ў тварэннях дойлідаў так званай «віленскай школы» (касцёл кармелітаў у Глыбокім), але пашырыўся таксама на грамадскія будынкі (палац у Ружанах, ратушы ў Магілёве і Віцебску, «дом на рынку» ў Нясвіжы, «масавая» забудова ў Гродне, Паставах і Варнянах).
У сваім руху на ўсход барока падпарадкавала сабе таксама ўніяцкае і праваслаўнае будаўніцтва, што затым палегчыла ўспрыняцце новага стылю ў Маскоўскай дзяржаве. У якасці найбольш красамоўных прыкладаў тут трэба назваць Сафійскі сабор у Полацку, перароблены нанава ўніятамі, Варварынскую і Ільінскую цэрквы ў Віцебску, Мікалаеўскую ў Магілёве, дзе асабліва відаць адметныя рысы беларускага барока – яго «асіметрычнасць», «выцягнутасць» уверх. Унікальнымі помнікамі еўрапейскай архітэктуры з’яўляюцца драўляныя барочныя цэрквы, праваслаўныя і ўніяцкія, на Палессі, якія ў сваім прасторавым вырашэнні многа запазычылі ад сялянскага жылля.
Такім чынам, барока атрымала значнае распаўсюджванне ў архітэктуры Беларусі ў XVI-XVIII стст. 
Усе вышэйпералічанае дазваляе лічыць тэму работы актуальнай.
Асноўнай мэтай работы з’яўляецца вывучэнне працэсу з’яўлення своеасаблівай архітэктурнай сістэмы беларускага барока. Для дасягнення тэмы ў рабоце былі пастаўлены наступныя задачы:
•    прааналізаваць асаблівасці ўзнікнення агульнаеўрапейскага барока;
•    разгледзець перадумовы ўзнікнення барочнага стылю ў архітэктуры Беларусі;
•    акрэсліць характэрныя рысы стылю барока ў Беларусі.
•    вызначыць асаблівасці барока ў розныя перыяды развіцця;
•    вылучыць характэрныя рысы барочнай сядзібна-паркавай архітэктуры.
Розныя аспекты развіцця архітэктурнага стылю барока ў на тэрыторыі Беларусі выклікалі і выклікаюць цікавасць даследчыкаў.
Гісторыка–тэарэтычная праблематыка стылю барока наогул у мастацтве і культуры падрабязна разгледжаны ў даследаванні Б.А. Лазука “Беларускае барока”, дзе аўтар аналізуе шляхі развіцця мастацтва Беларусі XVII— XVIII стст., разглядае гістарыяграфію стылю барока, умовы яго фарміравання. Значнае месца адведзена аналізу асноўных тэндэнцый стылю. Даследуецца паэтыка беларускага барока.
Больш дакладна пытанні развіцця менавіта барока як архітэктурнага стылю разглядаюцца ў публікацыях даследчыцы Т.В. Габрусь, у працах якой разглядаюцца асаблівасці станаўлення стылю барока ў манументальным і рэлігійным дойлідстве Беларусі. Асаблівая ўвага надаецца пачатковаму перыяду барока ў архітэктуры.
Таксама былі выкарыстаны даследаванні прысвечаныя агульнаму развіццю архітэктуры Беларусі: “Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім канцексце. У 4 т. Т. 2. XV – сярэдзіна XVIII стст”, “Гісторыя Беларускага мастацтва. – Т. 2: Другая палова XVI – канец XVIII стагоддзя”.
Пры вывучэнні пытанняў развіцця барока ў горадабудаўніцтве было выкарыстана даследаванне Ю.В. Чантурыі “Градостроительное исскуство Беларуси во второй половины XVI – первой половины ХІХ вв.: Средневековое наследие, Ренесанс, барокко, класицизм”.