Эссе - Выдавецкая і асветніцкая дзейнасць Сымона Буднага ў Беларусі

Сымон Будны — беларускі гуманіст і асветнік, адзін з буйнейшых дзеячаў рэфармацыйнага руху на Беларусі, імя якога ў ХVІ стагоддзі было шырока вядомае ў Англіі, Нямеччыне, Італіі ды іншых краінах Заходняй Еўропы. Сымон Будны унёс свой арыгінальны ўклад у скарбніцу беларускай культуры і думкі, прадоўжыў і памножыў скарынінскія рэнесансна-гуманістычныя традыцыі [2, c. 132].
Пытанне аб месцы яго нараджэння і нацыянальнасці па сённяшні дзень застаецца дыскусійным. Дакладна не высветлена, беларус ён ці паляк, нарадзіўся ў Будах беларускіх ці ў Будах, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы (Мазовія). Многія факты сведчаць на карысць яго беларускага паходжання: добрае веданне беларускай мовы, жыцця, нораваў, звычаяў, рэлігійных уяўленняў беларусаў, значная колькасць беларускіх слоў, фразеалагізмаў, народных прымавак і прыказак у яго творах, беларускі патрыятызм і да т.п. [3, c. 6-7]
Аукацыю С.Будны атрымаў на факультэце свабодных мастацтваў Кракаўскага ўніверсітэта. быў надзвычай адукаваным чалавекам. Апрача роднай беларускай мовы ён выдатна валодаў класічнай лацінай, старажытнагабрэйскай, а таксама грэцкай, стараславянскай, польскай ды іншымі мовамі [5, c. 39].
У 1558 г. Будны прыехаў у сталіцу Вялікага княства Літоўскага — Вільню, дзе заняў пасаду катэхізіста, (настаўніка пратэстанцкага таварыства). У выніку гэтай дзейнасці, якая працягвалася 2 гады, склалася яго першая праца на беларускай мове – “Катэхізіс”, які пазней быў выдадзены ў Нясвіжы на беларускай мове. 
У 1560 г. Будны атрымлівае павышэнне: назначаецца прапаведнікам у Клецк. Сумесна з нясвіжскім намеснікам Мацеем Кавячынскім і яго братамі, а таксама з кальвінісцкім міністрам (прапаведнікам) Лаўрэнціем Крышкоўскім Будны заснаваў у Нясвіжы друкарню. Падтрымку, беларускім кнігавыдаўцам аказвалі ўладальнік Нясвіжа Мікалай Радзівіл Чорны і будучы канцлер Вялікага княства Літоўскага Астафій Валовіч [4, c. 52].
У пачатку 60-х гадоў XVI ст. С. Будны стаў значным грамадска-палітычным дзеячам пратэстанцкага толку і ў хуткім часе набыў еўрапейскую вядомасць як мысліцель-рацыяналіст і таленавіты публіцыст.
Для асветы простых людзей у 1562 г. у Нясвіжскай друкарні пад апекай Мікалая Радзівіла Чорнага ён выдаў свой “Катэхізіс”, а потым і другую кнігу на беларускай мове “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам”, якая, на жаль, не захавалася.
Сымон Будны належаў да памяркоўнай рэлігійна-рэфармацыйнай плыні, блізкай да кальвінізму, якая на Беларусі і ў Літве называлася евангелічнай. Але ў пач. 1560-х гадоў у яго ўзніклі сумненні наконт трактоўкі асноўных палажэнняў хрысціянскай дагматыкі – догмата Тройцы і прыроды Хрыста. Будны сярэдзіны 1560-х гадоў. – адзін з ідэолагаў антытрынітарызму, радыкальнай плыні беларуска-літоўскай Рэфармацыі. У 1565 гаду, пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага, Будны пакінуў Клецк і пераехаў у Холхла, куды яго запрасіла Ганна Кішка – удава віцебскага ваяводы [1, c. 125]. 
Аб месцы выдання Бібліі існуе шмат спрэчак. Вядома, што Нясвіж у 1571 перайшоў у валоданне каталіцкага біскупа Мікалая Радзівіла Сіроткі, Кавячынскі перавёз Нясвіжскую друкарню ў свой маёнтак Узда. У 1572 Будны з Холхла пераехаў у Заслаўе (пад Мінскам), бліжэй да месца выдання Бібліі. У гэтым жа годзе Біблія ў поўным аб’ёме выйшла ў свет. Месца выдання на ёй не пазначана. Прадмова Кавячынскага пазначана Уздой, прадмова С. Буднага – Заслаўем, і таму яе можна назваць нясвіжска-ўздзенска-заслаўскай Бібліяй.
У гэты перыяд у лесе Буднага адбыўся пералом. Восенню 1573 магнат-арыянін Яна Кішкі прапанаваў яму пасаду прапаведніка ў Лоску, заснаваў там друкарню і аддаў яе ў поўнае распараджэнне С. Буднага. ў 70-я гады ў Лоску разгарнуў кіпучую літаратурна-публіцыстычную дзейнасць. Гэта быў вельмі плённы перыяд, калі Будны выдаваў кнігу за кнігай на лацінскай і польскай мовах.
У 1574 у Лоскай друкарні выйшаў Новы запавет з прадмовай і каментарыямі Буднага, што былі апушчаны ў нясвіжска-ўздзенска-заслаўскай Бібліі. Вялікая прадмова, у якой аўтар выказаў ідэі прынцыповага метадалагічнага значэння, грунтоўныя каментарыі да евангельскіх тэкстаў зрабілі гэта выданне ўнікальным, выдатным помнікам не толькі беларускай, але і еўрапейскай думкі. У іх Будны выклаў свае сацыяльна-палітычныя, рэлігійна-філасофскія і педагагічныя ідэі. Яго творы характарызуюцца яснасцю думкі, дасціпнасцю, палемічнай завостранасцю і пераканаўчасцю аргументацыі [4, c. 53].
У той перыяд вялікае значэнне Сымон Будны надаваў прапагандзе сваіх рэлігійна-філасофскіх ідэй і на Захадзе. На працягу 1574 ён выдаў у Лоскай друкарні на лацінскай мове некалькі твораў: “Аб дзвюх прыродах Хрыста”, “З нагоды аргументаў Сімлера”, “Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа богам, як бацька” і інш. У 1576 у Лоску выйшаў у свет галоўны рэлігійна-філасофскі твор Сымона Буднага “Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры”, у якім ён абагульніў свае радыкальныя ідэі. 
Апошнія гады Буднага жыў пры дварах выпадковых мецэнатаў. У гэты час ён рыхтуе другую рэдакцыю Новага запавету (1589), выпраўленая і перапрацаваная. 
Усё сваё жыццё Сымон Будны прысвяціў справе асветы народа і падрыву аўтарытэту афіцыйнай хрысціянскай царквы. Ён першым пасля Скарыны не толькі выкарыстоўваў беларускую мову ў рэлігійным пісьменстве, але і прапагандаваў яе як раўнапраўную мову, як лепшы сродак для распаўсюджвання ведаў сярод простага народа. 


Спіс выкарыстанай літаратуры

1.    Банько В.В. Сымон Будны і беларуская культура // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. – 1993. – № 4. – С. 125-126.
2.    Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына: Спадчына і пераемнікі. – Мн.: Красіка-Прынт, 2002. – 184 с.
3.    Кемпфі А. Адкуль Сымон Будны // Голас Радзімы. – 1995. – 16 лістапада. – С. 6-7.
4.    Падокшын С.А. Будны Сымон // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мн.: БелЭн, 1995. – 671 с. 
5.    Саверчанка І.В. Сымон Будны: гуманіст і рэфарматар. – Мн.: Універсітэцкае, 1993. – 228 с.