Тэрмін «старажытнаруская народнасць» узнік на пачатку 50-х гадоў. Тэрмін быў прызнаны правамерным пасля публікацыі ў 1950 г, работы Сталіна «Марксізм і пытанні мовазнаўства» і хутка стаў хрэстаматыйным. Яго з’яўленне было заканамерным, так як у тагачасных гістарычных даследаваннях назіралася тэндэнцыя да адзначэння розніцы паміж усходнеславянскім насельніцтвам Кіеўскай Русі, уключаючы продкаў рускіх, украінцаў і беларусаў, ды назвай рускай (велікарускай) народнасці XIV– XVI стст. У 50-я гады XX ст. савецкі этнограф С.Токараў абгрунтаваў новую канцэпцыю [3, c. 38].
Сутнасць тэорыі ў тым, што пасля рассялення ўсходніх славян стала складвацца іх агульная тэрыторыя. Цэнтрам збірання ўсходніх славян было Сярэдняе Падняпроўе, дзе знаходзіўся г. Кіеў, які стаў сталіцай новай дзяржавы – Кіеўскай Русі. У выніку змешвання розных супольнасцей – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлян, палян, вяцічаў і іншых – у Сярэднім Падняпроўі ў IX – X стст. сфарміравалася новая, усходнеславянская этнічная супольнасць – старажытнаруская народнасць. У гэтай дзяржаве існавала адзіная культура і мова. Затым у выніку палітычнага раз’яднання, распаду Кіеўскай Русі раз’ядналася і старажытная народнасць. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларускі і ўкраінскі.
Тэорыя адзінай старажытнарускай народнасці была беспярэчнай у савецкай гістарыяграфіі, але са знікненнем СССР адзначыліся новыя падыходы да гэтай праблемы. У гэтай канцэпцыі “старажытнарускай народнасці” з’явілася шмат апанентаў (Г.Штыхаў, М.Ермаловіч, М.Ткачоў і інш.). Яны поўнасцю адмаўляюць сам факт існавання старажытнарускай народнасці і фарміравання на яе аснове беларусаў, украінцаў і рускіх.
У залежнасці ад палітычных і метадалагічных пазіцый навукоўцаў да “старажытнарускай народнасці” іх можна падзяліць на тры групы:
- прыхільнікі і абаронцы ідэі існавання на тэрыторыі Усходняй Еўропы ў IХ–ХIII ст. адзінай этнічнай, палітычнай і культурнай супольнасці „стражытнаруская народнасць“;
- прыхільнікі і абаронцы ідэі неіснавання падобнага этнічнага ўтварэння, замест якога маглі быць іншыя (вайсковыя, рэлігійныя, адміністрацыйныя) формы сувязяў, якія звычайна мелі часовы харатар;
- традыцыйныя „цэнтрысты“, высновы якіх залежаць часцей за ўсё ад кан’юнктуры і новых поглядаў навуковых аўтарытэтаў [7].
Да першай групы неабходна аднесці В. Сядова і Э. Загарульскага. Так В.Сядоў сцвярджае, што на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ў Х–ХII ст. існавала агульная этнамоўная супольнасць – старажытнаруская (усходнеславянская) народнасць. В.Сядоў падмацоўвае свае меркаванні гістарычнымі і мовазнаўчымі фактамі. Старажытнаруская народнасць была даволі моцнай, бо нават у перыяд феадальнай раздробленнасці ХII – першай трэці ХIII ст. яе адзінства ўсведамлялася як супрацьстаянне падзелам. І толькі трагедыі сярэдзіны ХIII ст. – мангола–татарская навала і літоўскія захопы – канчаткова знішчылі магчымасці існавання адзінага этнічнага, культурнага, палітычнага і эканамічнага жыцця насельніцтва Ўсходняй Еўропы.
Таксама да прызнання „старажытнарускай народнасці“ фактам скланяецца Э. Загарульскі. Адзіная мова, адна культура, агульная самасвядомасць і тэрыторыя – галоўныя адзнакі насельніцтва Русі IХ–ХIII ст. Але Э. Загарульскі звяртае ўвагу таксама на недаследаваныя аспекты ў пытаннях „старажытнарускай народнасці“. Ён выступае супраць савецкай канцэпцыі фармавання гэтай народнасці на базе ўсходнеславянскіх летапісных груповак у перыяд існавання Старажытнарускай дзяржавы і ў межах яе вялізнай тэрыторыі. На думку Э. Загарульскага, этнагенетычныя працэсы сёння можна растлумачыць наступным чынам: асновы „старажытнарускай народнасці“ былі закладзены ў VI–IХ ст. у невялікай прасторы, якая ахоплівала паўднёвую Беларусь і паўночную Ўкраіну. Менавіта сюды перасялілася з прарадзімы частка носьбітаў пражскай культуры, якія пад нязначным уплывам мясцовага балцкага насельніцтва пачалі вылучацца як асобная (усходняя) група славянаў са сваёй усходнеславянскай мовай [7].
“Старажытнаруская народнасць” увесь час знаходзілася пад уздзеяннем разбуральных сілаў: тэрытарыяльны фактар, розныя моўныя субстраты, паглыбленне феадальнай раздробленасці, а пазней і палітычнае размежаванне. Менавіта накапленне элементаў дыферэнцыяцыі з’явілася галоўнай прычынай паступовага падзелу ўсходняга славянства на тры народы – велікарусаў, украінцаў і беларусаў.
Даследчык Г. Штыхаў справядліва лічыць канцэпцыю „старажытнарускай народнасці“ палітычнай, а не навуковай. Створана яна была ў канцы 40– пачатку 50–х г. ХХ ст. А працэс фармавання беларускага народа адбываўся незалежна ад створанага савецкай навукай поліэтноніма. Вытокі яго знаходзяцца ў балта–славянскім сімбіёзе, які складваўся ў другой палове I тыс. н.э. Тут Г. Штыхаў поўнасцю прымае канцэпцыю В.Сядова, і якраз славяна-балцкія ўзаемакантакты з’яўляюцца для яго адной з падстаў спецыфічнай беларускай ментальнасці. У выніку дадзеных кантактаў сфармаваліся летапісныя племянныя групоўкі, якія ў сваю чаргу сталі асновай утварэння княстваў. І толькі ў ХII ст. на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы самастойныя княствы пачалі аб’ядноўвацца ў групы па палітычных, эканамічных і тэрытарыяльных матывах. Менавіта ў дадзеных групах пазначылася вылучэнне тэрыторыі беларускай, украінскай і велікарускай народнасцяў. Для першых, беларусаў, падобнай групай сталі Полацка–Мінская, Смаленская і Турава–Пінская землі.
На думку М. Ермаловіча, старажытнарускай народнасці таксама не існавала. А калі гэта так, дык і не магло быць ніякага падзелу неіснуючай агульнарускай народнасці на тры галіны – рускую, украінскую і беларускую. Гэткая выснова робіцца на той падставе, што Кіеўская Русь, куды ўваходзілі ўсходнеславянскія землі, не з’яўлялася такой дзяржавай, як яе апісваюць у нашай гістарычнай і вучэбнай літаратуры. Яна, на думку Ермаловіча, зусім не з’яўлялася збіральнікам славянскіх народаў. Аб неіснаванні старажытнарускай народнасці сведчыць і той факт, што Кіеўская дзяржава ў XII ст. распалася на часткі, якія адпавядалі першапачатковым племянным тэрыторыям.
Праблема агульнай для беларусаў, украінцаў і рускіх пранароднасці – “старажытнарускай народнасці” выклікала зацікаўленасць і раней, так В.В. Ключэўскі пісаў аб старажытнарускай дзяржаве, што яна «не была дзяржавай рускага народа, таму што яшчэ не існавала самога гэтага народа: да паловы XI ст. былі гатовыя толькі этнаграфічныя элементы, з якіх потым доўгім і цяжкім працэсам складваецца руская народнасць. Усе гэтыя рознапляменныя элементы пакуль былі аб’яднаны чыста механічна».
Такім чынам тэрмін «старажытнаруская народнасць» выклікае шмат спрэчкаў: адны сцвярджаюць, што адзіная старажытнаруская народнасць была сапраўднай этнічнай супольнасцю, ва ў IX–XI стст., другія лічаць, што гэта народнасць не склалася канчаткова, ці яе наогул не было.
Спіс выкарастаннай літаратуры
1. Беларусы - славяна-балты? З Валянцінам Сядовым гутарку вялі Алеся Сёмуха і Юры Васілеўскі // ЛіМ. 30 красавіка 1993. – С. 4.
2. Гісторыя Беларусі ў 2 ч. – Ч.1. Курс лекцый. / П.І. Брыгадзін, У.Ф. Ладысеў. – Мн.:РІВШ БДУ, 2002. – 656 с.
3. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Частка 1. Ад старажытных часоў – па люты 1917 г.: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мн.: Універсітэцкае, 1998. – 416.
4. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. – Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. – 412 с.
5. Штыхаў Г.В. Спрэчныя пытанні паходжання беларусаў // Гуманiтар. i сацыял. навукi на зыходзе XX ст.: Зб. навук. арт.. – Мн., 1998. – С. 378-379.
6. Штыхаў Г.В. Вытокі дзяржаўнасці і права на беларускіх землях у раннім сярэднявеччы // Беларусь: шляхі абнаўлення і развіцця. Беларусістыка: Матэрыялы навук. сес. Аддзня гуманіт. навук, (г.Мінск), 3-4 лістап. 1993 г. – Мн., 1993. – С.153-155.
7. Ruthenica. Том I // http://www.lingvo.minsk.by/~bha/09/sieman.htm