Змест
Уводзіны 3
1. Этнаграфічнае вывучэнне Беларусі 5
2. Культурна-этнаграфічная спадчына 12
2.1. Беларускі традыцыйны фальклор 12
2.1.1. Замовы 12
2.1.2. Абрадавы фальклор 13
2.1.3. Празаічныя жанры фальклору 15
2.1.4. Музычна-харэаграфічнае мастацтва 16
2.1.5. Народны тэатр і драма 17
2.2. Беларускі касцюм 19
2.3. Народнае жыллё 24
Заключэнне 31
Спіс выкарыстаных крыніц 32
Прылажэнне 1. Традыцыйнае жаночае адзенне 34
Прылажэнне 2. Мужчынскае адзенне 35
Прылажэнне 3. Абутак 36
Прылажэнне 4. Народнае жылле 37
Уводзіны
Бадай што, няма іншай навуковай дысцыпліны, якая была б так непасрэдна і арганічна звязана з нашай Бацькаўшчынай, з яе гісторыка-культурнай спадчынай, як этнаграфія. За многія стагоддзі свайго існавання беларускі народ стварыў багатую і самабытную культуру, якая была ўвасоблена ў замках, абарончых і культавых збудаваннях, народным жыллі і бытавых рэчах, рыцарскай амуніцыі і ўзбраенні, нацыянальным адзенні, узорных тканінах, разнастайных прамысловых вырабах, духоўных традыцыях, звычаях, абрадах і інш.
У сучасным грамадстве фарміраванне ўсебакова развітай, творчай асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй немагчыма без далучэння да этнакультурнай спадчыны народа: мовы, абрадаў, звычаяў, сацыянарматыўных традыцый, каштоўнасцей матэрыяльнай і духоўнай культуры. Ва ўмовах імклівай глабалізацыі і універсалізацыі чалавечага быцця этнічная самабытнасць кожнага народа, у тым ліку і беларусаў, не толькі набывае характар прынцыпова ўнікальнага і непаўторнага сегмента сусветнай культуры, але і з'яўляецца важнейшым механізмам нацыянальнай самаідэнтыфікацыі чалавека, усведамлення ім месца і ролі свайго народа ў планетарных маштабах.
Далучэнне да матэрыяльных і духоўных набыткаў папярэдніх пакаленняў, разуменне і ўспрыняцце светапоглядных каштоўнасцяў продкаў ляжаць у аснове выхавання сапраўднага патрыятызму і пачуцця адказнасці за цяперашняе і будучае сваёй Бацькаўшчыны, фарміруюць павагу не толькі да ўласнай культуры, але і да этнічных традыцый іншых народаў.
Вывучэнне традыцыйнай культуры беларусаў дазваляе больш дакладна асэнсаваць побыт нашых продкаў, захаваць і перадаць яго нашчадкам, што дазваляе зрабіць шырокае выкарыстанне этнаграфічнай спадчыны.
Таму мэта работы – асэнсаванне пытанняў культурна-этнаграфічных традыцый беларусаў розных рэгіёнаў. Каб дасягнуць гэту мэту ў рабоце былі пастаўлены і вырашаны наступныя задачы:
• вылучаны асаблівасці вывучэння этнаграфіі Беларусі;
• разгледжаны фальклорна-этнаграфічныя традыцыі.