Ф.М.Янкоўскі – вядомы беларускі мовавед
Прафесар Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, чыя асоба ўвабрала ў сябе сутнасныя аспекты культурна-адукацыйнай сферы Беларусі другой паловы ХХ-га стагоддзя, з'яўляецца знакавай падзеяй ХХІ ст.
Яго лёс тыповы і адначасна паказальны: жыццёвы і творчы шлях да прафесара, заслужанага дзеяча беларускай навукі, пісьменніка пачынаўся ад сялянскага дзяцінства, праз гады і гады вучобы – у педагагічным тэхнікуме, інстытуце, аспірантуры, праз ваенныя навалы і трагічныя выпрабаванні.
Вучыцца працаваць Ф. Янкоўскі меў шчасце ў сваіх вялікіх папярэднікаў: навуковым кіраўніком аспіранта Ф. Янкоўскага быў акадэмік В.І. Баркоўскі, вучань і выхаванец заснавальніка беларускай філалогіі Я. Карскага.
У творчай спадчыне доктара філалагічных навук прафесара Ф. Янкоўскага да 300 прац: манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, падручнікі, артыкулы па фразеалогіі, фразеаграфіі, культуры мовы. Яго манаграфія “Беларуская мова” (1978) стала абагульненым вынікам шматгадовай навукова-даследчай працы. У кнізе знайшлі адлюстраванне пытанні выкладання і практыкі карыстання роднай мовай.
У гісторыю беларускай навукі ён увайшоў як прадаўжальнік вялікай справы па ўдасканаленні беларускай літаратурнай мовы, стварэнні ўзораў інтэлектуальнай i мастацкай творчасці на беларускай мове.
Ф.М. Янкоўскі клапатлівы прадаўжальнік вялікіх папярэднікаў, хто рупіўся пра збіранне і публікацыю скарбаў беларускай народнай мовы. Ён пакінуў след у беларускай навуцы як заснавальнік новай галіны беларускай лінгвістыкі - фразеалогіі. Слоўнік “Беларуская фразеалогія: фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне”, выдадзены ў 1968 г., з'явіўся першым тлумачальным слоўнікам беларускай народнай фразеалогіі, які адразу прыцягнуў увагу даследчыкаў. Гэтая кніга мае не толькі вялікую навуковую каштоўнасць, а і шырокае практычнае прымяненне: ёю карыстаюцца выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных устаноў, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры; яна стала настольнай кнігай пісьменнікаў, журналістаў, філолагаў.
Нямецкі вучоны-славіст Карл Гутшміт адзначаў, што гэтая праца адзіная ў сваім родзе ў славістыцы. Усё ў кнізе падпарадкавана высокай мэце: "Задума збіраць і ў пэўнай меры адлюстраваць у кніжках беларускую народную фразеалогію з'явілася ў аўтара гэтай працы ў дні апошняй сусветнай вайны. Вынішчэнне здабыткаў народа (а яно, бязлітаснае, жорсткае вынішчэнне, прыходзіла за доўгую гісторыю Беларусі многа разоў і з розных бакоў), вялікія страты краю (ад спальвання гарадоў, мястэчкаў, вёсак, пасёлкаў да людаедскага забойства гітлераўцамі ляснічых і настаўнікаў, пчаляроў і плытагонаў, бабулек і ўнукаў-немаўлятак) клікалі да дзеяння і да настойлівага роздуму, непазбыўных клопатаў розуму, душы і сэрца: невымерна цяжкі быў лёс роднай Беларусі, а яна стварыіла неацэнную культуру, вартую замілавання і захаплення, высокага гонару і найвышэйшай ацэнкі. Гэта перш за ўсё - няпісаная культура беларусаў, толькі часьцінка якой занатавана і надрукавана, захавана, такім чынам, ад беззваротнай страты".
Адсочваючы дынаміку моўных працэсаў ХХ ст., скіраваную на звужэнне арэалу дыялектных зон не толькі беларускай мовы, але і наогул еўрапейскіх моў, Ф.М. Янкоўскі шмат увагі аддаваў вывучэнню беларускай народна-дыялектнай мовы. У кандыдацкай дысертацыі "Глускія гаворкі" (1954) ён дэталёва апісаў фанетычную і марфалагічную сістэму глускіх гаворак, растлумачыў узнікненне асобных дыялектных рысаў, вызначыў ступень іх устойлівасці, паказаў, як народныя гаворкі ўзаемадзейнічаюць з літаратурнай мовай. Вынікі даследавання засведчаны ў трох выпусках "Дыялектнага слоўніка", дзе адлюстравана не толькі дыялектная лексіка Глушчыны, але пададзены паралелі з іншых беларускіх гаворак, некаторых славянскіх і неславянскіх моваў - польскай, чэшскай, балгарскай, нямецкай. Сам вучоны вельмі любіў і цаніў народную прыказку, трапнае народнае выслоўе, карыстаўся імі пры ацэнцы разнастайных жыццёвых сітуацый: Ніхто не зробіць горш табе, як сам сабе; Чыім абыякі, то лепш ніякі; Лепей печаную рэдзьку з'есці, як з нягоднікам за стол сесці.
З надзвычайнай далікатнасцю і адказнасцю вывучаючы гаваркія беларускія словы, беларускія прыказкі і прымаўкі, крылатыя выслоўі, фразеалагізмы, перыфразы, Фёдар Янкоўскі знаходзіў магчымасць найперш праз навуку, а затым і праз мастацкую прозу сцвердзіць сутнасць нацыянальнай мовы. Яму як збіральніку народнай фразе алогіі давалася ў рукі самае адметнае з жывой мовы, самае: Не частуй ты мяне піўцом, вінцом - пачастуй мяне добрым слаўцом; Ідзі з людзьмі - не згубішся; Ядуць на свеце хлеб траякі: белы, чорны і ніякі.
Асобнае месца ў навуковай спадчыне Ф. Янкоўскага займаюць працы па гісторыі мовы як навуковай галіне, якая спалучае ў сабе гістарычную граматыку і гісторыю літаратурнай мовы. Падручнік па гістарычнай граматыцы беларускай мовы, створаны ў 70-я гады ХХ ст. загадчыкам кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага педінстытута Ф. Янкоўскім, да сёння застаецца настольнай кнігай выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Вучоны добра разумеў неабходнасць ведаў па гісторыі мовы для глыбокага пазнання працэсаў і з'яў сучаснай беларускай мовы. Аўтар па-новаму падышоў да паказу моўных працэсаў, шырока выкарыстаў параўнанне беларускай фанетыкі і марфалогіі з іншымі славянскімі мовамі, паказаў сувязь гісторыі мовы з гісторыяй народа. Вялікая вартасць падручніка - яго даступнасць для студэнтаў і адначасова глыбокая навуковасць. Кніга "Гістарычная граматыка беларускай мовы" (2 выд., 1983); 3 выд., 1989) прысвечана пытанням гісторыі мовы, у якой вучоны паказаў не толькі гістарычныя шляхі станаўлення фанетычнага і граматычнага ладу беларускай мовы, але і сістэматызаваў асаблівасці беларускай фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу, змясціў шэраг дадаткаў з глыбінным аналізам старажытных тэкстаў на старажытнай беларускай мове.
Выхад у свет кожнай новай кнігі Ф.М. Янкоўскага быў заўсёды значнай падзеяй у навуковым і культурным жыцці рэспублікі. Шматлікія навучальныя дапаможнікі, навуковыя зборнікі, якія выйшлі пад рэдакцыяй прафесара Ф.М. Янкоўскага, заўсёды высока ацэньваліся навуковай грамадскасцю.
Творчая постаць Ф. Янкоўскага поўна раскрылася не толькі ў навуковых выданнях, але і ў яго мастацкіх творах. Першая мастацкая кніга “Абразкі” выйшла ў 1975 годзе. Для тых, хто ведаў аўтара (а яго, аўтарытэтнага настаўніка, дасведчанага навукоўца-лінгвіста ведала ўся Беларусь, ведала навуковая філалагічная эліта СССР, шырока ведала замежжа), выданне “Абразкоў”, а затым і зборнікаў апавяданняў “I за гарою пакланюся”, “Прыпыніся на часіну”, выбраных твораў “З нялёгкіх дарог”, “Радасць і боль”, зборніка філалагічных абразкоў “Само слова гаворыць” было натуральным пашырэннем патрыятычнага клопату прафесара Янкоўскага.
Ф. Янкоўскі стварыў філалагічную школу, якая імкнулася і да гэтага часу імкнецца прыцягнуць увагу грамадскасці да нацыянальна-самабытнага ў моўнай спадчыне беларусаў. Вучоны быў глыбока перакананы, што «наш час вымагае не бясследнага існавання, а жыцця, запоўненага клопатам і працаю, жыцця для Радзімы-Бацькаўшчыны». Фёдар Янкоўскі заўсёды дбаў пра сваю Радзіму. Справай яго жыцця стала служэнне Беларусі аддана і да канца У гісторыі беларускай культуры ён застаўся не толькі вядомым навукоўцам-лінгвістам, але і незабыўным настаўнікам па прафесіі і прызванні для многіх пакаленняў студэнтаў.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Мароз, В. Прафесар Янкоўскі – даследчык гісторыі мовы / В.Мароз // Каб жыло наша Слова : зборнік навуковых артыкулаў да 90-годдзя з дня нараджэння Фёдара Янкоўскага / пад агул. рэд. М. І. Новік; рэдкал.: М.І. Новік, Л.І. Яўдошына, В.М. Касцючык, С.Ф. Бут-Гусаім. – Брэст, 2009. – 316 с.
2. Смольская, Т. М. Фёдар Янкоўскі – мастак слова / Т.М. Смольская // Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння (да 95-годдзя з дня нараджэння прафесара Ф.М.Янкоўскага) : зборнік навук. арт. / Бел. дзярж. пед ун-т імя Максіма Танка; рэдкал.: Г.Ф.Андарала, Д.В.Дзятко (адк. рэд.), Н.П.Лобань і інш. – Мінск: БДПУ, 2013. – С. 36-39.
3. Янкоўскі, Ф.М. Беларуская мова / Ф.М. Янкоўскі. – Мінск : Выш. школа, 1981. – 451 с.
4. Янкоўскі, Ф.М. Беларуская фразеалогія / Ф.М. Янкоўскі. – Мінск: Выш. школа, 1968. – 451 с.
5. Янкоўскі, Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы : вучэб. дапаможнік для філал. фак. пед. ін-таў / Ф.М. Янкоўскі. – Мінск : Выш. школа, 1983. – 271 с.