Курсовая - Цэнтры народных промыслаў і рамёстваў Беларусі як перспектыўныя турысцкія аб’екты

ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ УНІВЕРСІТЭТ


ФАКУЛЬТЭТ МАСТАЦТВАЎ
Бакалаўрская праграма “Культурная спадчына і турызм”


КУРСАВАЯ РАБОТА
па тэме
Цэнтры народных промыслаў і рамёстваў Беларусі як перспектыўныя турысцкія аб’екты




Выканала студэнтка 1 курса
Анастасія
Навучны кіраўнік







Вільнюс 2009


Змест.

Уводзіны 3
1. Паняцці “рамяство” і “промысел”. Класіфікацыя традыцыйных рамёстваў. 5
2. Здабыўчыя промыслы 7
3. Дрэваапрацоўчыя рамёствы 9
4. Металаапрацоўчыя рамёствы 12
5. Кераміка 14
6. Гарбарства, кушнерства 19
7. Ткацтва 20
Заключэнне 23
Турыстскі маршрут “Рамёствы цэнтральнай Беларусі”. 25
Спіс літаратуры 30


Уводзіны
Промыслы і рамёствы з’яўляюцца той часткай дзейнасці нашых продкаў, якая ўключае ў сабе шматлікія аспекты жыцця і адначасова нясе не толькі практычную, але і мастацкую, эстэтычную каштоўнасць. Нездарма яны займаюць вельмі важнае месца ў жыцці народа і яго культуры.
У сённяшні час актуальнасць вывучэння народных рамёстваў і промыслаў павышаецца паралельна з павышэннем цікавасці да Беларусі і беларусаў, іх ідэнтычнасці. Усё больш і больш увагі аддаецца пытанням беларускасці, праблемам беларускай гісторыі, культуры і яе развіцця ў наш час. Вядома ж, што народныя промыслы, народная творчасць маюць некаторую перавагу перад іншымі відамі мастацкай дзейнасці – яна шырокадаступная, адкрытая, створаная чалавекам для чалавека, звыклая для яго. Важна зараз не згубіць гэтую тонкую павуцінку паміж намі, сучаснымі людзьмі, і нашай гісторыяй, павуцінку народнай творчасці, народных рамёстваў. Нацыянальная культура кожнай краіны пачынаецца з народнага мастацтва, бярэ з яе самае лепшае для свайго развіцця. Таму вялікі сэнс закладзены у ідэі не проста захавання і развіцця народнага мастацтва, але і рацыянальнага асэнсавання яе стану, традыцый, алгарытмаў развіцця і магчымасцяў, звязаныя з вывучэннем гэтай значнай часткі нашай гісторыі.
Тэма гэтай курсавой работы выбрана не выпадкова. На жаль традыцыі народных майстраў знаходяцца зараз у вельмі кепскай сітуацыі, т.к я яны перасталі перадавацца ат аднаго к іншаму. Таму мы можам сутыкнуцца з праблемай знікнення індывідуальнага рамесніцтва(што, на мой погляд, і ёсць мастацтва) і перахода да прадпрыемніцтва, а г.зн стварэння массавага прадукта. Таму я думаю, што маё даследванне вельмі актуальна ў наш час.
Вывучэнне, захаванне, дапамога ў развіцці народнай культуры стала важнай духоўнай задачай, вырашэнне якой непасрэдна звязана з пытаннем нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Падчас такога развіцця адсейваюцца і знікаюць непатрэбныя ці нерацыянальныя навацыі, а сапраўды патрэбныя рэчы і абрады становяцца традыцыйнымі. Народ толькі тады мае будучыню, калі мае нацыянальныя традыцыі, захоўвае іх і дапаўняе іх вопытам кожнага новага пакалення.
Сыходзячы з гэтага, адной з асноўных сучасных задач з’яўляецца адраджэнне і зберажэнне нашага культурнага багацця, традыцый і перадача яго нашым дзецям і ўнукам. Ведаць і берагчы народную культуру – гэта значыць берагчы душу народа.
Я паставіла сабе мэту вывучыць цэнтры народных промыслаў і рамёстваў як перспектыўныя аб’екты выкарытання ў турызме. Таксама я паставіла наступные задачы: вывучыць асноўныя віды народных промыслаў і рамёстваў, вывучыць цэнтры народных промыслаў і рамёстваў у Беларусі, вывучыць перспектывы іх турысцкага выкарыстання і, як практычную частку, разработаць маршрут.



1. Паняцці “рамяство” і “промысел”. Класіфікацыя традыцыйных рамёстваў.


Рамёствы і промыслы – гэта дробная вытворчасць, заснаваная на індывідуальнай ручной працы. Промысламі называецца падсобная ў сельскай гаспадарцы вытворчасць, якая ўключае ў сабе рамёствы (вытворчасць вырабаў уручную, з выкарыстаннем механічных прылад і інструментаў) і іншыя неземляробчыя заняткі, - такія сведкі мы можам атрымаць у энцыклапедыі. Але за гэтымі паняццямі можна знайсці больш глыбокі сэнс і адценні значэнняў. Хоць з першага погляду яны могуць падацца падобнымі, ці навогул ідэнтычнымі, у іх трактоўцы ёсць некаторыя разыходжанні, звязаныя з рознымі характарамі працы, узроўнем майстэрства, арганізацыяй вытворчасці і уключанасцю ў рынкавыя адносіны. Як ужо было сказана, промысел з’яўляецца не галоўным, а падсобным заняткам, і мае мэтай здабычу дадатковых сродкаў для існавання. Значэнне промыслаў заключаецца ў здабыцці прыродных рэсурсаў і іх першаснай апрацоўцы (напрыклад, да здабыўных промыслаў адносяцца збіральніцтва, рыбалоўства, паляванне, пчалярства, лясныя промыслы). У той жа час пад рамяством разумеюць вытворчасць з дапамогай рамесных інструментаў, уручную. Пры гэтым накірункі развіцця тэхнік залежаць ад матэрыялаў, для апрацоўкі якіх патрэбныя спецыфічныя навыкі і падыход, спецыяльныя прылады працы. Такім чынам, адпаведна ужытым у працы матэрыялам, можна вылучыць асобныя групы рамёстваў. Рамёствы можна падзяліць на шэсць груп:
1. дрэваапрацоўчыя (у іх ліку цяслярства, сталярства, бондарства, разьба, такарнае рамяство, пляценне і іншыя);
2. металаапрацоўчыя (кавальства, слясарнае рамяство, чаканка, ювелірная вытворчасць, вытворчасць металічнага посуду і зброі);
3. апрацоўка мінеральнай сыравіны (вытворчасць керамічных вырабаў, у тым ліку цэглы і кафелю, кладка печаў, мураванае дойлідства і г.д.);
4. гарбарна-кушнерскія (гарбарства, кушнерства – промысел па апрацоўцы аўчын і шкур, шавецтва, рымарства, вытворчасць рамянёў, шуб, саф’яну);
5. апрацоўка валакністай сыравіны і выраб адзення (ткацтва, вязанне, пляценне, вышыўка, вытворчасць сукна, і іншыя);
6. гатаванне харчовых вырабаў, а гэтаксама іх захаванне (мукамольная вытворчасць, вытворчасць алею, масла, сыру, віна, піва, гатаванне і захаванне мяса і рыбы, кансерваванне садавіны і гародніны, ягад і грыбоў).

2. Здабыўчыя промыслы

Беларусь – краіна з багатымі прыроднымі рэсурсамі, і таму жыццё чалавека, яго быт з самага пачатку былі звязаны з прыродным асяроддзем, у якім ён існаваў. Самы старажытны занятак першабытнага насельніцтва – гэта збіральніцтва, якое захавалася да нашага часу амаль у тым жа выглядзе, якім і было тысячагоддзі таму. Збіральніцтва ў Беларусі складаецца са збору лясных ягад, пладоў, грыбоў, траў, карняплодаў, падсочка дрэў (нарыхтоўка сокаў), збірання мёду дзкіх пчол і яек дзікіх птушак. Гэты занятак патрабуе спецыфічных ведаў у галіне біялогіі, экалогіі, кулінарыі. У той жа час гэты занятак даступны амаль для кожнага, і нават сёння ён не страціў сваёй ролі нягледзячы на скарачэнне прыродных рэсурсаў. Ёсць меркаванне, што збіральніцва будзе і найдалей адыгрываць значную ролю ў жыцці беларусаў.



3. Дрэваапрацоўчыя рамёствы

Дрэва з’яўляецца адным з найбольш пашыраных і ўніверсальных матэрыялаў на Беларусі. З яго ўзводзілі жыллё і гаспадарчыя пабудовы, майстравалі мэблю і транспартныя сродкі, выраблялі прылады працы і посуд, прадметы хатняга ўжытку і дзіцячыя цацкі. Дрэва пілавалі, секлі, тачылі, дзяўблі, свідравалі, паліравалі, таніравалі, аздаблялі разьбой, роспісам, інкрустацыяй, выпальваннем і інш.
Апрацоўка дрэва праявілася і дасягнула даволі высокага ўзроўню амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Бандарства развівалася ў Слуцкім павеце, у Бярэзінскай, Велікадолецкай, Докшыцкай валасцях Барысаўскага павета Мінскай губерні. На Магілёўшчыне промысел быў развіты ў Клімавіцкім павеце, Гарадзішчанскай воласці Горацкага павета, Абчугскай і Бобрскай вабласцях Сенненскага павета, у Віцебскай губерні – у Веліжскім павеце, у Гродзенскай – у Сухапольскай воласці Пружанскага павета. Толькі в.Ракаўшчына Чавускага павета вырабляла ў год 135 тысяч верацёнаў. Лыжкары в.Фашчаўка на Шклоўшчыне збывалі сваю прадукцыю ў Оршы, Магілёве, Талачыне. Себежскі, Невельскі, і іншыя паветы Віцебскай губерні вылучаліся вырабам калёсаў, саней, брычак і вазоў. У Віцебскай губерні ў пачатку 20 стагоддзя цесляроў сярод сельскага насельніцтва было значна больш, чым спецыялістаў іншых прафесій. Высокім узроўнем народнага дойлідства вызначаліся Случчына і Нясвіжчына, вытворчасць плеценых вырабаў была пашырана на Міншчыне, у некаторых раёнах Магілёўскай губерні. У басейнах Дняпра, Бярэзіны, Прыпяці, Зах. Дзвіны і Нёмана значная частка насельніцтва займалася нарыхтоўкай і тралёўкай лесу, пярвічнай апрацоўкай драўніны.



4. Металаапрацоўчыя рамёствы

Сярод розных рамёстваў, пашыраных ў колішнім побыце беларусаў, адно з самых пачэсных месцаў займае кавальства. Без уласнага майстра-каваля не абыходзілася ніводнае паселішча. Добрага майстра ведала ўся акруга, ім ганарылася, яго шанавалі і цанілі. Кавальскае рамяство заўсёды было акружана арэолам таямнічасці і загадкавасці, а каваля параўноўвалі з чараўніком, які валодае цудадзейнымі сакрэтамі апрацоўкі такога непадатлівага матэрыялу, як жалеза. З часоў сярэднявечча кавальства займала першае месца сярод гарадскіх рамёстваў. Яно ж дало жыццё яшчэ некалькім дзесяткам металаапрацоўчых спецыяльнасцей, звязаных з вырабам прылад працы, зброі, прадметаў хатняга ўжытку, абсталявання будункаў і іншага. Тагачаснае кавальства вызначалася еўрапейскім узроўнем. З жалеза кавалі рэчы гаспадарчага і бытавога прызначэння: сякеры, долаты, нажы, нажніцы, свярдзёлкі, зубілы, шпоры, коп’і, цвікі, крэсівы, замкі, ключы, спражкі, фібулы і інш. У 16 ст. Ўзніклі першыя кавальскія цэхі (Слуцк, Полацк, Магілёў, Віцебск і інш.); асаблівага развіцця кавальства дасягнула ў 17-18 ст. (Віцебск, Полацк, Мінск, Магілёў, Пінск, Гродна). Асноўныя віды работ: акоўка транспартных сродкаў (калёс, саней, брычак, вазкоў) і выраб металічных дэталяў да іх, падкоўванне коней, выраб сельскагаспадарчага інвентару (сярпы, сашнікі, матыкі), слясарнага і сталярнага інструменту (сякеры, свярдзёлкі, долаты, скоблі), прыладаў хатняга ўжытку (секачы, качэргі, вілкі, багры, бязмены), дэталяў аснашчэння жылля і мэблі (завесы, клямкі, замкі, крукі, зашчэпкі). Цікавыя прыклады каваных вырабаў можна знайсці амаль што ва ўсіх рэгіёнах Беларусі: акаваныя скрыні (давыд-Гарадок, Столінскі раён), акованыя куфры (Пінск, Лагішын, Кажан-Гарадок і іншыя палескія мястэчкі), сярпы (Цэнтральная Беларусь), каваныя вадасцёкі (Столінскі раён). Разам з тым, мастацкая апрацоўка металаў, якая бытавала пераважна ў выглядзе кавальства, у народным мастацтве Беларусі займае параўнаўча сціплае месца.



5. Кераміка

У беларускай этнаграфічнай навуцы ганчарныя вырабы паводле іх функцыянальнага прызначэння прынята дзяліць на некалькі асноўных груп: кухонны посуд (гаршкі, латкі, патэльні, бабачнікі, цёрлы, бойкі, цадзілкі, адстойнікі); посуд для захоўвання і пераносу прадуктаў (гладышы, збанкі, карчагі, глякі, спарышы); сталовы посуд (міскі, паўміскі, чашкі, кубкі); дэкаратыўная кераміка (букетнікі, фігурныя сасуды, попельніцы, дэкаратыўныя талеркі); цацкі; вырабы рознага гаспадарчага прызначэння. У некаторых гарадскіх і местачковых ганчарных цэнтрах (Івянец, Ракаў, Мір, Віцебск Мінск) выраблялася таксама кафля. Найбольшае пашырэнне меў гаспадарчы посуд. У залежнасці ад рэгіёнаў заўважаецца розніца ў формах, прызначэнні, назвах, мастацкіх асаблівасцях гаспадарчага посуду нават у суседніх ганчарных цэнтрах. У многіх вьпадках гэтыя адрозненні аб'ядноўваюць некалькі ганчарных цэнтраў, якія адносяцца да пэўнага рэгіёна, і ў асноўным супадаюць з прынятым у беларускай этнаграфіі раянаванем.
Агульная характэрная асаблівасць заходнепалескай керамікі — акруглабокасць, шарападобнасць вырабаў, адточанасць, своеасаблівая чаканенасць формаў, паколькі тут карысталіся нажнымі быстраходнымі кругамі і высакаякаснымі пластычнымі глінамі. Гаршкі амаль шарападобныя (у Гарадной Столінскага р-на — «круглякі»), маюць адзін ці два вушкі, што адрознівае іх ад аналагічных вырабаў іншых рэгіёнаў. Ярка выяўлена шарападобнасць і ў глякоў, збанкі вызначаюцца выразным чляненнем формаў. Найбольшае распаўсюджанне ў XIX—XX стст. мелі два віды заходнепалескай керамікі — чорнаглянцаваная і белагліняная. Абодва яны прадстаўляюць характэрную адметнасць гэтага рэгіёна.

6. Гарбарства, кушнерства


Асноўнай сыравінай у гарбарстве былі скуры рагатай жывёлы, у асноўным быкоў, цялят, ягнят, коз, радзей выкарыстоўвалі скуры коней і свіней. Са скуры выраблялі абутак (поршні, мяккія туфлі, паўбоцікі, боты), ножны, кашалькі, рукавіцы, мячы, футляры, дэталі конскай збруі, паясы, пугі.
Акрамя абутку выраблялі ножны, кашалькі, рукавіцы, мячы, апплікацыі, дэталі рыштунку каня, паясы, пугі і іншае. У Брэсце найбольш шматлікая каллекцыя ножнаў. Шыліся нават скураныя мячы. Такі мяч быў знойдзены ў Брэсце, таксама рэшткі скураных мячоў —былі знойдзены ў Мінску і Полацку. Таксама выраблялі скураныя паясы. У Полацку быў знойдзены фрагмент скуранога вырабу з арнаментам, які складаўся з вузкіх медных пласцінак.
Гарбарства было пашырана амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Найбольшымі цэнтрамі былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Усвяты, Магілёў, Шклоў, Крычаў, Клімавічы, Давыд-Гарадок, Тураў, Петрыкаў, Слуцк, Мазыр, Брагін, Рэчыца.

Кушнерства – промысел па апрацоўцы аўчын і шкурак пушных звяроў. У народнай культуры галоўнае месца займаў выраб аўчын для пашыву зімовага адзення – кажухоў, шапак. У некаторых раёнах да нашага часу мясцовыя жыхары вырабляюць аўчыны і футры на асабістыя патрэбы.



7. Ткацтва

Ткацтва – адно з самых старажытных і пашыраных рамёстваў на Беларусі. Знаходкі асобных дэталяў ткацкіх станаў і фрагментаў тканін эпохі Кіеўскай Русі на тэрыторыі Беларусі сведчаць, што ткацкая тэхніка ўжо тады знаходзілася на высокім узроўні. Такім жа старажытным рамяством можна лічыць і вышыўку, чаму даюць пацверджанні шматлікія археалагічныя матэрыялы.
Сыравінай для ткацтва служылі лён, воўна, радзей пянька. Усе працэсы, звязаныя з апрацоўкай сыравіны і падрыхтоўкай яе да ткання выконваліся ўручную. Тонкае кужэльнае палатно таклі для намітак і кашуль, суконныя і паўсуконныя тканіны выраблялі для андарака, буркі, нагавіц, льняныя – для палатняных спадніц, фартухоў і інш. З гэтых жа тканін шылі світы, буркі, сярмягі. Асаблівай прыгажосцю вылучаліся ручнікі з геаметрычным ці раслінным арнаментам. Шматлікі і разнастайны этнаграфічны матэрыял па беларуским народным ткацтве адносіцца да канца 19 – пачатку 20 ст. Тканіны гэтага перыяду адлюстроўваюць шлях развіцця, багаты мастацкі і тэхнічны вопыт ткацкага рамяства.
Найбольш ўстойлівыя рысы старажытнай самабытнай беларускай культуры можна знайсці на Заходнім Палессі.
Заключэнне
Сёння адной з самых важных праблем Беларусі з’яўляецца пытанне ідэнтычнасці. Адной з галоўных складаючых паняцце ідэнтычнасці з’яўляецца нацыянальная ідэя, якая не можа існаваць без свядомай нацыі. Кажучы інакш, нацыянальная ідэя прыходзіць ў жыццё з дапамогай тых людзей, якія гэтую ідэю спавядаюць, ўсведамляюць у той ці іншай ступені і чыя дзейнасць гэтай ідэяй перадумоўлена. Ідэальна-матэрыяльным субстратам матэрыялізацыі нацыянальнай ідэі з’яўляецца нацыянальная культура. Слуцкія паясы, івянецкая кафля, тэлевізар “Гарызонт” і аўтамабіль МАЗ – гэта ў асноўным матэрыяльныя субстраты ў якіх жыве нацыянальная ідэя ў менавіта той ступені, ў якой людзі, што іх выраблялі, адчувалі сябе беларусамі і паводзілі сябе як беларусы.
У дачыненні да нацыянальнай ідэі нацыянальная культура выконвае некалькі вельмі важных функцый. Найперш беларуская нацыянальная культура – гэта нашае асяроддзе з першых гадоў жыцця, матчына калыска, ў якой дзіцёнак ад нараджэння жыве і праз якую ён робіцца чалавекам-беларусам, носьбітам нацыянальнай ідэі. Па-другое, нацыянальная культура забяспечвае выжыванне беларускай нацыі ў зменлівым свеце, а гэта азначае і выжыванне нацыянальнай ідэі, носьбітам якой нацыя і з’яўляецца. Па-трэцяе, нацыянальная культура як матэрыялізацыя нацыянальнай ідэі – гэта тая аснова, абапіраючыся на якую нацыянальная ідэя развіваецца якасна, ускладняецца, пашыраецца, дае новыя здабыткі.
Такім чынам, нацыянальная культура – гэта ёсць матэрыялізаваная нацыянальная ідэя. Так ці інакш, культурная спадчына і адчуванне людзьмі сваёй прыналежнасці да этнічнай групы, народу вельмі цесна звязаныя паміж сабой. І вырашэнне шматлікіх праблем у гэтым плане (праблем ідэнтычнасці, пошуку беларусамі свайго месца сярод славянскіх народаў) ляжыць ў плоскасці беларускай нацыянальнай культуры. З яе адраджэннем беларусы ізноў набудуць карані, устойлівы грунт пад нагамі. Вельмі лёгка згубіць сваё будучае, згубіўшы мінулае, але няпроста ізноў вярнуць яго.
Таму сёння перад нашым пакаленнем стаіць адначасова цяжкая і важная задача – не згубіць і аднавіць шматлікія дасягненні нашых продкаў (вопыт, веды і навыкі, звычаі, абрады, традыцыі, мову, мараль і самасвядомасць). Самыя розныя рэчы, прылады працы, бытавыя рэчы, упрыгожванні, - усе яны нясуць пэўны этнакультурны сэнс, традыцыі, даюць нам найкаштоўнейшую інфармацыю пра нашу мінуўшчыну.
Праз сваю нацыянальную культуру лягчэй спасцігнуць культуру сусветную. Каб мець магчымасць успрымаць яе, нам патрэбныя акуляры, каб палепшыць зрок, акуляры, якія мы можам стварыць з дапамогай сваёй нацыянальнай культуры, мовы, традыцый.
Толькі калі будзе адноўленая першапачатковая беларуская культура і кожны атрымае магчымасць яе ўбачыць, адчуць і ўспрыняць, толькі тады яна залатымі літарамі будзе ўпісана ў кнігу сусветнай культуры.

Вы здесь: Home Туризм Курсовая - Цэнтры народных промыслаў і рамёстваў Беларусі як перспектыўныя турысцкія аб’екты